СПА́ДЧЫННЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы чалавека, абумоўленыя мутацыямі. Падзяляюцца на храмасомныя хваробы, генныя і мультыфактарыяльныя. Храмасомныя хваробы (храмасомныя сіндромы) характарызуюцца мутацыямі храмасом, генныя (манагенныя) — генаў. Найб. пашыраны мультыфактарыяльныя (мутацыі аднаго або некалькіх генаў, якія ствараюць павышаную адчувальнасць да ўздзеяння на арганізм шкодных фактараў). Вядомы таксама генет. хваробы, звязаныя са зменамі генных структур саматычных клетак (праяўляюцца некат. злаякаснымі пухлінамі, радзей — прыроджанымі заганамі развіцця).

Для большасці С.х. (практычна ўсе храмасомныя хваробы і да ​1/3 манагенных) характэрна ранняе праяўленне — унутрывантробна або ў дзіцячым узросце. Часта яны працякаюць хранічна з рэцыдывамі (біяхім. і малекулярныя хваробы), адначасова пашкоджваюцца многія органы (храмасомныя і манагенныя сіндромы), цяжка паддаюцца лячэнню. Для дыягностыкі С.х. прымяняюць біяхім. і малекулярныя метады, праводзяць цытагенет. і малекулярна-цытагенет. даследаванні. Важнае значэнне ў прафілактыцы С.х., іх ранняй дыягностыцы. своечасовым лячэнні мае медыка-генетычнае кансультаванне. Лячэнне сімптаматычнае, патагенетычнае, накіраванае на карэкцыю абмену рэчываў (дыетхарчаванне, харч. дабаўкі, увядзенне ферменту, якога не хапае). На Беларусі пытаннямі С.х. займаецца НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў.

Г.​І.​Лазюк.

т. 15, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)